Непаўналетняя Таццяна Казыра вярнулася на радзіму з ЗША

16-гадовая беларуска Таццяна Казыра вярнулася на радзіму. Па звестках БелаПАН, яна прыляцела з ЗША 23 лістапада. Нагадаем, што 9 гадоў запар Т.Казыра выязджала ў ЗША на аздараўленне па чарнобыльскай праграме, кожны раз яе прымала сям'я Запата. 5 жніўня гэтага года Таня павінна была вылецець з Сан-Францыска ў Мінск разам з групай беларускіх дзяцей, але да прызначанага часу не прыбыла ў аэрапорт. Пазней стала вядома, што дзяўчына падала ў іміграцыйную службу дакументы для падаўжэння гасцявой візы і застаецца ў ЗША, каб дачакацца рашэння ўладаў. У ЗША быў камандзіраваны супрацоўнік МЗС Беларусі Павел Шыдлоўскі, які некалькі разоў сустракаўся з Т.Казырай, але тая адхіліла прапанову вярнуцца на радзіму.

20 лістапада ў Міністэрства замежных спраў Беларусі паступіла афіцыйнае заява ад Надзеі Новік — бабулі і апякункі Таццяны Казыры. Як паведаміла прэс-служба МЗС, у ім гаварылася, што дзяўчына прыняла "адназначнае рашэнне вярнуцца на радзіму".

Нагадаем, што з-за гэтага інцыдэнту Беларусь прыпыніла праграмы аздараўлення беларускіх дзяцей за мяжой.