"Нерэальны блокбастар" стаў горшым фільмам праз тыдзень пасля прэм'еры

Фільм "Disaster Movie" ("Нерэальны блокбастар") рэжысёра Джэйсана Фрэйдберга заняў першае месца ў рэйтынгу 100 горшых фільмаў усіх часоў паводле сайта IMDb.com. Рэйтынг карціны на 1 верасня, па падліках галасавання 4 тысяч карыстальнікаў сайту, складаў 1,3 бала з 10 магчымых.

Раней, у 2008 годзе, на першае месца рэйтынгу вырвалася карціна "Прыгажуня і пачвара" ("The Hottie and the Nottie") рэжысёра Тома Пантэма з Пэрыс Хілтан у галоўнай ролі. Зрэшты, зараз карціна займае ў рэйтынгу толькі 14 радок.

Варта адзначыць, што змены ў рэйтынгу горшых фільмаў IMDb адбываюцца значна часцей, чым у рэйтынгу 250 лепшых фільмаў гэтага ж сайту. У 2008 годзе "Цёмны рыцар", новы фільм пра Бэтмана Крыстафера Нолана, заняў у ім першы радок, аднак праз месяц спусціўся з першага на трэцяе месца.

Сусветная прэм'ера фільма "Disaster Movie", які парадыруе папулярныя галівудскія карціны 2008 года, адбылася 29 жніўня.

Фота: thecia.com.au