Новы альбом Guns N'Roses выйдзе адразу ў трох фарматах
Доўгачаканую плыту Guns N'Roses "Chinese Democracy" плануецца выпусціць адначасова ў трох фарматах: у выглядзе аўдыё-кружэлкі, на вінілавай плыце і ў лічбавым фармаце для запампоўкі праз Інтэрнэт, паведамляе Gigwise.
Выхад альбома будзе суправаджацца масіўнай рэкламнай кампаніяй, заяўляюць мэнэджары гурта Ірвінг Эзыф (Irving Azoff) і Эндзі Гульд (Andy Gould). Запіс, які па іх меркаванні з'яўляецца падзеяй гістарычнага значэння, не заслугоўвае меншага.
Альбом, які прыхільнікі Guns N'Roses чакалі больш за 14 гадоў, з'явіцца на прылаўках крам Амерыкі 23 лістапада, а 24 лістапада - і ў Вялікабрытаніі. Першы сінгл кружэлкі - аднайменная "Chinese Democracy" - стала даступная для запампоўкі праз сетку інтэрнэт-радыё ЗША ужо 22 кастрычніка.
Кампанія Dr.Pepper, якая заявіла яшчэ ў сакавіку, што выдасць кожнаму амерыканцу па бясплатнаму напою, калі альбом Guns N'Roses выйдзе ў 2008 годзе, зараз гатовая выканаць сваё абяцанне. У дзень выхаду кружэлкі кожны жадаючы можа аформіць замову на бясплатны напой на сайце кампаніі.
Першыя спробы запісаць "Chinese Democracy" былі прадпрынятыя гуртом яшчэ ў 1994 годзе. Праз 5 год лідэр Guns N'Roses Эксл Роуз (Axel Rose) паспрабаваў запісаць кружэлку з адроджаным гуртом. Запіс і выпуск альбома, якія зацягнуліся на доўгія 14 гадоў, каштавалі фронтмэну двух мільёнаў долараў.
Фота з афіцыйнага сайта гурта