Новы альбом Slipknot стаў першым у свеце па продажу

Новы альбом Slipknot "All Hope Is Gone" у першы ж тыдзень пасля выхаду апынуўся на вяршыні амерыканскага чарту Billboard.  Дыск апярэдзіў  свайго бліжэйшага канкурэнта - свежы альбом рэпера The Game "LAX" - толькі на тысячу асобнікаў.

Такім чынам, "All Hope Is Gone" стала першай кружэлкай рокераў, якая дэбютавала адразу на вяршыні галоўнага альбомнага рэйтынгу планеты. Такое дасягненне здзівіла ўдзельнікаў Slipknot, бо незадоўга да афіцыйнага рэлізу альбом паспеў з'явіцца ў інтэрнэце.

Праўда, рокеры заяўляюць, што не крыўдуюць на сваіх прыхільнікаў, якія запампавалі "All Hope Is Gone", не дачакаўшыся яго выхаду. Паводле словаў франтмэна калектыву Коры Тэйлара, "большасць альбомаў, якія зараз выдаюцца, - сапраўднае лайно. На іх проста шкада марнаваць грошы, вось меламаны і прызвычаіліся пампаваць музыку з Сеткі".

Музыка прызнаўся, што "сам не набывае новыя альбомы, бо даўно расчараваўся ва ўсіх гэтых "новых героях". Калі набываць нешта - то гэта кружэлкі старых класных гуртоў, якія ўжо ўсё ўсім даказалі. А ў спадзе продажаў CD трэба вінаваціць толькі лэйблы, якія іх выпускаюць. Праблема ў якасці прадукту. Пакуль кампаніі не перастануць падпісваць розных м*дакоў, якія загружаюць слухачоў адстойнай музыкай, якога-небудзь паляпшэння сітуацыі чакаць нерэальна".

Прэзентаваць свой новы альбом Slipknot збіраюцца падчас маштабнага гастрольнага тура, які стартуе ў кастрычніку гэтага года.

У межах гэтых гастроляў музыкі ўпершыню наведаюць Расію: маскоўскі выступ гурта адбудзецца 5 лістапада ў спорткомплексе "Алімпійскі".

Фота: otherclothing.co.uk