Някляеў і Бураўкін едуць агітаваць гродзенцаў за вуліцу Быкава

Выязное мерапрыемства ў падтрымку акцыі па перайменаванні вуліц у Мінску і Гродне ў вуліцы імя Васіля Быкава правядуць заўтра актывісты грамадскай кампаніі “Гавары праўду!”. У паездцы возмуць удзел лідэр кампаніі Ўладзімір Някляеў, Аляксандр Фядута, Міхась Скобла, Генадзь Бураўкін, Алесь Пашкевіч і журналісты. Пра гэта Еўрарадыё расказала прэс-сакратар кампаніі “Гавары праўду!” Юля Рымашэўская. Рымашэўская: “Па-першае, мы наведаем музей Быкава, які ў Гродне створаны прадстаўнікамі дэмакратычнага грамадства. Мяркуецца таксама інтэрактыўная акцыя з удзелам пералічаных асоб у адкрытым кафэ , дзе яны будуць прапагандаваць ідэі акцыі “вуліцы Быкава”.  А ўвечары плануецца літаратурная вечарына”.

На зваротным шляху з Гродна ўдзельнікі плануюць наведаць вёску Шырокае Лідскага раёна. Там людзі змагаюцца супраць будаўніцтва завода і за лепшыя ўмовы жыцця. І скардзяцца, што іх праблемам мала ўвагі надае шырокая грамадскасць.

Рымашэўская: “Актывісты кампаніі “Гавары праўду!” там даўно працуюць: дапамагаюць юрыдычна афармляць скаргі, ісці па прапісаным у заканадаўстве шляху ў дасягненні выканання правоў грамадзян. Каб яны маглі ўплываць на рашэнні, датычныя ўмоваў іх жыцця”.

Але, кажа, гэтая паездка з удзелам журналістаў дапаможа яшчэ больш прыцягнуць увагу да праблем жыцця ў Шырокім.

У кампаніі спадзяюцца, што ні сустрэчы ў Гродна, ні паездка ў вёску Шырокае не будуць успрынятыя праваахоўнымі органамі як несанкцыяваныя мітынгі і ўсё пройдзе спакойна і без затрыманняў.