Нямецкі дабрадзей ледзьве не памёр на беларуска-польскай мяжы

Высветлілася новая дэталь няўдалага пакуль гуманітарнага “канвою” немца Аляксандра Віганда. Як паведамляла Еўрарадыё, груз біяшампуню, дзіцячых крэмаў і прысыпак ён вёз для брэсцкай арганізацыі “Дзеці ў бядзе”, аднак праз мытню яго перавезці не змог. Цяпер жа стала вядома, што 8 траўня Віганд ледзьве не памёр на пункце мытнага дагляду ў Казловічах каля Брэста. У 69-гадовага былога вадзіцеля-міжнародніка астма. З-за стрэсу яна абвастрылася. Распавядае Аляксандр Віганд:

"Я там упаў. Мяне паднялі “дальнабойшчыкі”, адзін  з Мінску, другі — з Славеніі. Пайшлі на мытню, сказалі ім: мужчыну трэба доктар, укол. Але іх гэта не цікавіла... Я даў кіроўцам ключы, у машыне быў кіслародны балончык, выпадкова. Дык далі мне кіслароду. Я сядзеў у машыне з гэтым балончыкам, казаў мытнікам, каб паклікалі доктара, мне трэба быў картызон. Паказваў пасведчанне цяжкахворага COPC-пацыента, і што гэта небяспечна для жыцця, але яны не рэагавалі... Чатыры гадзіны я там сядзеў. Каб не тыя двое вадзіцеляў, дык там памёр бы".  

Выконваючы абавязкі кіраўніка аддзела №1 Брэсцкай мытні на пераходзе “Казловічы” Ігар Пячко сказаў Еўрарадыё:

"8 траўня я быў якраз на змене. Не было такога. Ён быў накіраваны на ўнутраны склад, дык  там гэта і здарылася".


Галоўны інспектар на ўнутраным складзе Вячаслаў Іванавіч пацвердзіў, што груз у іх і што прывёз яго “таварыш” з-за мяжы, перадаў па дакументах дзвюм жанчынам. “Ні выпадкаў, ні прыпадкаў” не было, сказаў мытны інспектар, а груз “чакае, пакуль яго забяруць на свой склад, і потым прыйдзе дазвол прэзідэнта”. 


Спадар Віганд ля свайго мінібуса. Гэты балончык выратаваў яму жыццё.


Час на квітанцыі перадачы груза — 10.45 08.05.10