Нямецкім валанцёркам магілёўскія міліцыянты не вярнулі пашпарты

У дзвюх дзяўчат магілёўская міліцыя адабрала пашпарты. Пры гэтым у адной з іх у панядзелак 29 сакавіка заканчваецца віза. Нагадаем, нямецкім валанцёркам Зольвай Шорыс і Сюзане Паўль выдалі позвы на 25 сакавіка ў Ленінскі РАУС Магілёва. Пазней ім затэлефанавалі з міліцыі і паведамілі, што прыходзіць не трэба. Пашпарты па-ранейшаму знаходзяцца ў міліцыі, а адной з дзяўчат трэба вяртацца дадому.

"Сказалі, што будуць разбірацца, што рабіць з тымі пратаколамі, якія дзяўчаты не падпісалі. Але ж пашпарты адабралі, а Зольвай Шорыс трэба ў панядзелак ужо вяртацца, у яе сканчаецца віза", - паведаміў Еўрарадыё магілёўскі журналіст Алесь Буракоў.

На яго думку, дзякуючы актыўнаму асвятленню праблемы ў СМІ міліцыянты апынуліся ў цяжкой сітуацыі. Бо для іх такая рэакцыя сталася нечаканай.

Нагадаем, немкі прыехалі па валанцёрскай праграме для працы з дзецьмі-інвалідамі ў Магілёве. Учора іх выклікалі ў міліцыю, некалькі гадзінаў пратрымалі ў пастарунку і забралі пашпарты. Немак вінавацяць у парушэнні правілаў рэгістрацыі, хаця яны знаходзяцца ў Беларусі ўжо 5 месяцаў.