Па факце вандалізму ў Курапатах распачата крымінальная справа

Пасля праверкі пракуратуры міліцыя распачала крымінальную справу па факце вандалізму ў Курапатах, перадае “Інтэрфакс”.
Нагадаем, у мінулую пятніцу ва ўрочышчы  былі знойдзеныя дзве разрытыя магілы і раскіданыя парэшткі людзей. У міліцыі паведамілі, што на месцы здарэння знайшлі "адбіткі слядоў абутку, недакуркі, пусты пачак ад цыгарэт, белую пальчатку".

Старшыня Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч лічыць, што міліцыя не знойдзе злачынцаў.

Антон Астаповіч: “Я адразу кажу, што справа гэтая "тухлая". Нікога не знойдуць. Я трываць не магу, калі на гісторыка-культурных каштоўнасцях і тым больш на Курапатах ідуць палітычныя спекуляцыі. Я не веру, што, прабачце мне, спецслужбы дасылаюць туды кагосьці штосьці капаць. Я больш чым упэўнены: асноўная версія – гэта чорныя нелегальныя капальнікі”.