Па “справе аб гучнай рэкламе” ўжо аштрафаваныя два тэлеканалы

Суд аштрафаваў на 20 базавых велічыняў (700 тысяч рублёў) 8-ы і Першы музычны каналы за парушэнне закона “Аб рэкламе”. Нагадаем, з пазовам у суд звярнулася Міністэрства гандлю.Тэлеканалы абвінавацілі ў тым, што гучнасць рэкламы перавышае гучнасць іншых праграм.
Як паведаміла Еўрарадыё намеснік начальніка ўпраўлення абароны правоў спажыўцоў і кантролю за рэкламай Мінгандлю Вольга Краўцова, рашэннем суда яны задаволеныя, паколькі галоўным было пацвердзіць факт парушэнняў, а не сума штрафу.

Паводле яе слоў, цяпер рыхтуюцца пратаколы ў дачыненні да ОНТ, СТВ, НТВ-Беларусь і РТР-Беларусь. Неўзабаве яны будуць перададзеныя ў суд. Як адзначыла Краўцова, самае высокае перавышэнне гучнасці было на ОНТ — больш за 3 дэцыбелы.

Вольга Краўцова: "Гэта ўсё было ў межах адной праверкі. Замеры ажыццяўляў Дзяржстандарт. Усё гэта было запратакаліравана. Праверка выявіла парушэнні на ўсіх тэлеканалах. Самае высокае перавышэнне гучнасці па дэцыбелах было на ОНТ”.

Тым часам на ОНТ адмаўляюць факты перавышэння гучнасці і, нягледзячы на тое, што ўжо аштрафаваныя 2 тэлеканалы, пакуль нічога змяняць не збіраюцца. Пра гэта паведаміла ў размове з Еўрарадыё прэс-сакратар тэлеканала Аліна Праваторава.

Аліна Праваторава: “Пакуль тэлеканал працуе ў ранейшым рэжыме, нічога не змяняецца, таму што няма прычынаў для таго, каб нешта мяняць. Ніякіх заяў, ніякіх зваротаў — нічога мы не атрымлівалі. Эфірныя выпускаючыя кажуць, што ў нас узровень гуку адпавядае нормам, закладзеным у законе”.