Пацярпелая падчас выбуху ў Баранавічах знаходзіцца ў цяжкім стане

Стан адной з пацярпелых падчас учорашняга выбуху балона з газам на Баранавіцкім камбінаце харчовых прадуктаў застаецца вельмі цяжкім. Нагадаем, надзвычайная сітуацыя ўзнікла на ўчастку мыцця шклотары ў цэху разліву віна і настоек. Падчас правядзення зварачных працаў адбыўся выбух 50-літровага балона. Пацярпелі пяць чалавек.

Адной з працаўніц, 56-гадовай жанчыне, адарвала нагу, у яе таксама тэрмічныя апёкі 60% паверхні цела. Для аказання дапамогі пацярпелым з Брэста ў Баранавічы прыбылі спецыялісты абласной бальніцы.

Праверку па факце здарэння праводзіць пракуратура. Паводле папярэдняй версіі, прычынай выбуху стала парушэнне правілаў пажарнай бяспекі пры правядзенні зварачных працаў.

БелаПАН