Пацярпелыя на пажары выратавальнікі — у лякарні хуткай дапамогі

Стан чатырох выратавальнікаў, пацярпелых на пажары на Мінскім заводзе вылічальнай тэхнікі, медыкі ацэньваюць як стабільны, сярэдняй ступені цяжкасці. Пра гэта БелаПАН паведаміў галоўны лекар лякарні хуткай медыцынскай дапамогі Віктар Сірэнка. Па яго словах, узрост пацярпелых — ад 20 да 40 гадоў. Яны маюць тыповыя для такіх выпадкаў пашкоджанні — апёкі, атручванне ўгарным газам, пашкоджанне скурных пакроваў, пераломы костак.

Нагадаем, 11 траўня пры тушэнні пажару ў Мінску пацярпелі восем выратавальнікаў, чацвёра з іх загінулі. З выжылых трох пацярпелых дасталі з-пад абрынутага даху, чацвёрты атруціўся дымам і ўгарным газам.