Пад Бялградам затрыманы лідэр баснійскіх сербаў Радаван Караджыч

Каля Бялграда арыштаваны былы прэзідэнт Рэспублікі Сербскай Радаван Караджыч.Арышт адбыўся 18 ліпеня па наводцы замежнай разведкі, аднак пра гэта стала вядома толькі ўчора ўвечары, паведамляе Reuters.
Па словах прэзідэнта Сербіі Барыса Тадзіча, Караджыч ужо меў размову са следчымі суда па ваенных злачынствах. Якія-небудзь падрабязнасці Тадзіч паведаміць адмовіўся.

Былы прэзідэнт Рэспублікі Сербскай Радаван Караджыч абвінавачваецца міжнародным правасуддзем у ваенных злачынствах і злачынствах супраць чалавечнасці.

Самымі значнымі пунктамі абвінавачвання з'яўляюцца арганізаваная баснійскімі сербамі блакада Сараева, падчас якой у выніку артабстрэлаў і вулічных баёў загінулі больш за 10 тысяч мірных жыхароў, і генацыд мусульманскага насельніцтва ў анклаве Срэбраніца, дзе загінулі каля васьмі тысяч чалавек.

Сербы лічаць Караджыча нацыянальным героем. У Бялградзе прайшлі масавыя мітынгі супраць яго затрымання.