Пад Мінскам пачалося паляванне на "навагодніх" браканьераў

Ахова лесу ад незаконнай высечкі лесу ўзмоцненая з 21 снежня. Да самага Новага года пад Мінскам будуць патруляваць мабільныя экіпажы ў складзе супрацоўнікаў ДАІ і прадстаўнікоў лясной аховы. Кантралёры правераць, ці ёсць у кіроўцаў дакументы, якія пацвярджаюць легальнасць набыцця ёлак, інфармуе тэлеканал СТВ. Рэйды будуць таксама праводзіцца не толькі на дарогах, але і ў лясах. Дарэчы, на сённяшні дзень штраф на ссечаную ёлку ў лесе, які асабліва ахоўваецца, складае ад 700 тыс. да 1 млн 750 тыс. рублёў (у звычайным лесе — ад 350 тыс. да 1 млн. 50 тыс. рублёў). Акрамя штрафу парушальніку давядзецца заплаціць за нанесеныя матэрыяльныя страты — 5 тысяч рублёў (альбо 3,5 тыс.). Таму ж, хто не захоча развітацца з незаконна ссечанай ёлкай, прапануюць заплаціць за яе яшчэ 35 тысяч рублёў, паведамляе агенцтва "Минск-новости".