Пад Мінскам разбіўся адзін з самых бяспечных самалётаў у свеце

Наколькі бяспечна лятаць на самалётах мадэлі BAе-125-800 (іншая назва — Hawker)? Еўрарадыё звярнулася з гэтым пытаннем да экспертаў. Спецыялісты ў адзін голас цвердзяць, што гэта адзін з самых надзейных самалётаў у свеце. У офісе авіякампаніі “С-ЭЙР” адзначаюць высокія стандарты, закладзеныя вытворцамі мадэлі з Брытаніі.

Супраціоўнік авіякампаніі “С-ЭЙР”: “Нармальны самалёт. Hawker, 125-800, бізнэс-клас. Нармальны самалёт у іх, добрыя стандарты. Усе формы праходзіць за мяжой, у Вялікабрытаніі”.

Галоўны рэдактар часопіса “Skrzydlata Polska” Гжэгаж Собчак з расійскім экспертам пагаджаецца. Журналіст лічыць, што прычынай катастрофы такога самалёту можа быць што заўгодна, але не хібы ў канструкцыі.

Гжэгаж Собчак: “Канструкцыя гэтага самалёта не такая ўжо і новая: яго пачалі вырабляць яшчэ ў сярэдзіне 1960-х гг. Аднак сам факт таго, што самалёт стаіць у вытворчасці так доўга, сведчыць пра тое, што самалёт добры. Інакш яго бы даўно знялі з вытворчасці. А я маю інфармацыю, што зрабілі ўжо больш за 1000 гэткіх самалётаў — толькі зараз іх прадукуюць пад назвай Hawker-800. Нельга сказаць, што катастрофу прадракла яго дурная слава як самалёта з высокай ступенню аварыйнасці. Гэта няпраўда. Гэта можа быць прычына тэхнічная і звязаная нават з яго абслугай, датычная канкрэтнага экзэмпляра мадэлі. Альбо гэта можа быць памылка пілота — і такое здараецца”.

Разам з тым у Польшчы самалёты гэтага класу не вельмі распаўсюджаныя, сцвярджае Собчак. Дарэчы, тамтэйшыя авіяаматары звычайна маюць замежную рэгістрацыю. Таму падлічыць дакладную колькасць польскіх Hawker’аў амаль немагчыма.

Гжэгаж Собчак: “У Польшчы ёсць такая практыка, што большасць уладальнікаў самалётаў такога класу маюць замежную рэгістрацыю. А таму цяжка вызначыць, хто гаспадар — паляк ці не. Гэта самалёт класу Business Jet, падобных самалётаў у нас можа і налічыцца некалькі дзясяткаў. Але менавіта Hawker-125 наўрад ці нехта ў Польшчы выкарыстоўвае. Зрэшты, ён і ў астатняй Еўропе не вельмі папулярны, але там сотні падобных машын”.




Фота: www.defenseindustrydaily.com/