Пад Ваўкавыскам прадаецца палацавая сядзіба Краскі (фота)

Палацавая сядзіба з прылеглым паркам размешчаная ў вярхоўі Зяльвянкі, у Ваўкавыскім раёне.  Пры Саветах тут была школка, пазней аздараўленчыя ўстановы. Вакол бары і дубровы, побач некрануты меліярацыяй кавалак ракі.

У 2002 годзе ансамблю была нададзеная годнасць гісторыка-культурнай каштоўнасці 2-й катэгорыі (паводле градацыі ад 0 да 3). У 2007 годзе было прынятае рашэнне аб выкарыстанні сядзібы  ў Красках як этнаграфічна-турысцкага комплексу. Грошай у бюджэце на рэстаўрацыю не знайшлі, і сядзібу выставілі на продаж.

Як паведамілі Еўрарадыё ў аддзеле культуры Ваўкавыскага райвыканкама, аўкцыёны, на якіх прадавалася сядзіба, ужо праводзіліся. Удзельнікаў — прынамсі, дзве расійскія  і баранавіцкую фірму — не задаволілі ні стартавая цана — 2 мільярды беларускіх рублёў. Не дапамагла і зніжка на 600 мільёнаў.

На сёння ўлады гатовыя саступіць сядзібу і ўвесь пляц у 7 гектараў за 300 з невялікім мільёнаў. Ахвотных пакуль няма, сказала супрацоўніца аддзела.