Падатковая сістэма будзе ўключаць 30 стандартных плацяжоў

Пры гэтым звычайны падаткаплацельшчык будзе выплачваць толькі 5 з іх — падатак на дадатковую вартасць, на прыбытак, на нерухомасць, зямельны і экалагічны падаткі.
Пра гэта паведаміў міністр фінансаў Беларусі Андрэй Харкавец, прадстаўляючы дэпутатам праект Асаблівай часткі Падатковага кодэкса. Парламентарыі прынялі дакумент у першым чытанні.

Па словах Харкаўца, прыняцце Асаблівай часткі будзе спрыяць лібералізацыі ўмоў гаспадарчай дзейнасці, удасканаленню падатковага заканадаўства, спрашчэнню падатковай сістэмы ў Беларусі.

Да цяперашняга часу адменены 17 малаэфектыўных падаткаў і збораў, аб'яднаныя плацяжы, якія маюць падобныя падатковыя базы.

У наступным годзе плануецца адмяніць яшчэ 4 падаткі: збор у рэспубліканскі фонд падтрымкі вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі; падатак на набыццё аўтамабіляў; мясцовы падатак з продажу тавараў у розніцу; мясцовы збор за паркоўку.

У той жа час падатак на дадатковую вартасць павялічыцца з 18 да 20%, паведамляе БЕЛТА.