Падпісанае пагадненне аб адкрыцці ў Мінску офіса Еўракамісіі (фота)

7 сакавіка ў Брусэлі падпісанае Пагадненне паміж урадам Беларусі і Камісіяй Еўрапейскіх супольнасцяў аб заснаванні, прывілеях і імунітэце прадстаўніцтва Еўракамісіі ў Беларусі. Свае подпісы пад дакументам паставілі намеснік міністра замежных спраў Валеры Варанецкі і камісар Еўрасаюза па знешніх сувязях і палітыцы добрасуседства Беніта Ферэра-Вальднэр.

З запытам пра магчымасць адкрыцця ў Мінску свайго прадстаўніцтва Еўракамісія звярнулася да беларускіх уладаў у 2005 годзе. 19 кастрычніка 2007 года праект адпаведнага пагаднення быў ухвалены указам прэзідэнта Беларусі. 5 снежня ў Мінску гэты дакумент быў парафіраваны.

У Пагадненні, у прыватнасці, адзначаецца: "Беларсь прадастаўляе на ўмовах узаемнасці прадстаўніцтву, яго кіраўніку і членам, а таксама членам іх сем'яў, якія пражываюць разам з імі, прывілеі і імунітэты, прадугледжаныя Венскай канвенцыяй аб дыпламатычных зносінах ад 18 красавіка 1961 года для дыпламатычных прадстаўніцтваў".

Дакумент набыў моц у момант падпісання. Як патлумачыў БелаПАН кіраўнік мінскага офіса ТАСІС Яніс Айзсалніекс, фармальна гэта азначае, што 7 сакавіка ў Мінску адкрываецца прадстаўніцтва Еўракамісіі. Паводле яго, з Брусэля толькі павінна паступіць паведамленне пра тое, хто будзе кіраваць місіяй. Галавой місіі мусіць быць прызначаны Жын-Эрык Хальцапфель - цяперашні павераны ў справах Беларусі ў кіеўскім прадстаўніцтве ЕК. Кіраўнік прадстаўніцтва ў Мінску будзе мець ранг пасла, як і кіраўнік офіса АБСЕ.

Паводле БелаПАН





Фота: European Community, 2008 | Brussels - Berlaymont