Пакараныя міліцыянты, якія скралі грошы ў кліента медвыцвярэзніка

Гомельскія міліцыянеры, якія скралі грошы ў кліента медвыцвярэзніка, прыгавораны судом да пазбаўлення волі тэрмінам на два гады ўмоўна і штрафу ў памеры 1 млн. 750 тыс. рублёў. Суд пастанавіў таксама пазбавіць абвінавачаных права займаць пасады, звязаныя з выкананнем уладных паўнамоцтваў, тэрмінам на тры гады. Як паведамілі БелаПАН у пракуратуры Цэнтральнага раёна Гомеля, два супрацоўнікі медвыцвярэзніка — міліцыянер і міліцыянер-кіроўца — былі затрыманыя супрацоўнікамі ўпраўлення ўласнай бяспекі ў траўні сёлета.

Як высветлілася падчас следства, 38-гадовы і 26-гадовы міліцыянеры пры дастаўцы ў медвыцвярэзнік нецвярозага грамадзяніна выкралі ў яго з кішэні курткі 205 тысяч рублёў. Неўзабаве яны былі затрыманыя. На судзе сваю віну абвінавачаныя прызналі цалкам.