Палата прадстаўнікоў ратыфікавала спрошчаны візавы рэжым з Літвой

22 снежня Палата прадстаўнікоў ратыфікавала дамову аб паездках жыхароў прыгранічных з Літвой тэрыторый.  Як паведаміў намеснік міністра замежных спраў Беларусі Валеры Варанецкі, спрошчаны візавы парадак кране беларусаў, якія пражываюць у 30-ці кіламятровай прыгранічнай зоне.

Варанецкі: "Да жыхароў прыгранічных тэрыторыі адносяцца грамадзяне, якія на законных падставах пражываюць на прыгранічнай тэрыторыі не меней года. У прыватнасці, на прыгранічнай тэрыторыі знаходзяцца з беларускага боку гарады Гродна, Ліда,з літоўскай - Вільнюс і Друскінінкай".

Дазвол тэрмінам на пяць гадоў будуць выдавацца жыхарам прыгранічных тэрыторый, якія ў сілу важных прычынаў плануюць часта знаходзіцца ў прыгранічнай зоне суседняй дзяржавы. Гэты дазвол не дае права на працу, але дае права знаходжання на тэрыторыі Літвы на адлегласці да 30 км ад мяжы да 90 дзён на працягу паўгода.