Паліцыя перашкодзіла адзначыць юбілей канцэрту The Beatles

Паліцыя Лондану забараніла выступ гурта The Bootleg Beatles, які збіраўся адыграць юбілейнае шоў у гонар канцэрту The Beatles на даху будынка кампаніі Apple у 1969 годзе, паведамляе NME. У 1999 годзе The Bootleg Beatles былі адзінымі, каму дазволілі падняцца на дах будынка Apple і заграць песні The Beatles. Аднак гэтым разам паліцыя забараніла выступ. Тым не менш, двое ўдзельнікаў калектыва - Андрэ Баро ("Джордж Харысан") і Дэвід Кэтлін-Берч ("Пол Макартні") - усё ж выканалі на даху "One After 909" і "Get Back" на акустычных гітарах.

30 студзеня 1969 года The Beatles адыгралі не анансаваны невялікі канцэрт на даху будынка ўласнай кампаніі Apple. Выступ прыцягнуў мінакоў і жыхароў навакольных дамоў. Выкліканая кімсьці з жыхароў паліцыя спыніла канцэрт гурта, адключыўшы ў будынку электрычнасць.

The Beatles паспелі адыграць цалкам пяць песень - "Get Back", "Don’t Let Me Down", "I’ve Got A Feeling", "One After 909", "Dig A Pony". Запіс выступу ўвайшоў ў фільм "Let It Be" (1970).

Фота: www.beatles.ru