Палітолаг: Для Беларусі лепш, калі польскія выбары выйграе Качыньскі
У другіх тэледэбатах польскія кандыдаты ў прэзідэнты ўжо не дыскутавалі пра Беларусь, а спрачаліся наконт агульнага бачання прэзідэнцтва ды грамадскай палітыкі. Аднак палітолаг Андрэй Казакевіч раіць моцна не звяртаць увагу на словы кандыдатаў, бо перад выбарамі, чаго толькі не нагаворыш.
Польская перадвыбарчая кампанія паступова набліжаецца да свайго лагічнага завяршэння. У сераду, 30 чэрвеня, кандыдаты ў прэзідэнты апошні раз сустрэліся ў тэледэбатах. Тэмамі для абмеркавання сталі сацыяльныя справы, эканоміка і замежная палітыка. Як падлічылі польскія журналісты, Браніслаў Камароўскі часцей за ўсё казаў пра Польшчу, гэтае слова з яго вуснаў прагучала ажно 53 разы. А вось Яраслаў Качыньскі 39 разоў узгадаў пра “дзяржаву” і 29 пра “законнасць”.
Браніслаў Камароўскі, якога часта называюць марыянеткай польскага прэм’ера Дональда Туска, стараўся пераканаць сваіх выбаршчыкаў, што будзе незалежным і актыўным прэзідэнтам.
Браніслаў Камароўскі: “Я, напэўна, не буду рабіць справаздачу прэм’еру, што я зрабіў тое і тое, як гэта здарылася з папярэднім прэзідэнтам. Таму што прэзідэнт павінен дзейнічаць аўтаномна і быць незалежны. І такое бачанне непартыйнага прэзідэнцтва я сёння ўжо рэалізую, гэта бачна на прыкладзе Рады нацыянальнай бяспекі і Нацбанка”.
Гэтае выказванне вельмі абурыла Яраслава Качыньскага. Кандыдат у прэзідэнты лічыць, што ягоны загінулы брат Лех усё рабіў правільна, таму Яраслаў працягне яго палітыку.
Яраслаў Качыньскі: “Лех Качыньскі быў самастойным палітыкам, дзякуючы якому я прабіўся. Я буду працягваць рацыянальную палітыку, такую, як праводзіў мой брат. Трэба шукаць месца Польшчы на ўсходзе, між іншым у добрых адносінах з Расіяй, і пераносіць гэта на Захад. А там дбаць, каб Польшча сапраўды насамрэч была лідэрам”.
А вось пра нашу краіну польскія кандыдаты ў прэзідэнты ўзгадалі толькі раз — Браніслаў Камароўскі паўтарыўся, што пра беларускія справы нельга размаўляць з Масквой. Аднак гэта не выклікала вострай рэакцыі яго праціўніка. Як паведаміў Еўрарадыё палітолаг Андрэй Казакевіч, падобныя выказванні гэта проста перадвыбарчая рыторыка. Насамрэч у галіне замежнай палітыкі погляды кандыдатаў па сутнасці аднолькавыя, таму і пасля выбараў польскае стаўленне да Беларусі не зменіцца. Тым не менш, на думку Андрэя Казакевіча, прэзідэнт Качыньскі быў бы для нашай краіны крыху лепш, чым Камароўскі.
Андрэй Казакевіч: “Напэўна Качыньскі быў бы лепшы, але толькі ў тым кантэксце, што быў бы нейкі баланс у польскай палітыцы. А баланс дапамагае прымаць больш узважаныя рашэнні. А калі адна палітычная сіла дамінуе і ва ўрадзе і на пасадзе прэзідэнта, то гэта робіць палітыку менш збалансаванай і стратэгічна прадуманай. Такі расклад быў бы больш спрыяльны для нас у кароткай і сярэдняй часовай перспектыве”.
Аднак па выніках тэледэбатаў пакуль лідыруе Браніслаў Камароўскі, як сведчаць польскія інтэрнэт-апытанні. Ці ператворыцца гэтая папулярнасць у галасы выбаршчыкаў казаць пакуль рана. Тэарэтычна, вынік выбараў мусіць вызначыць электарат Гжэгажа Наперальскага, кандыдата ад лявіцы, які ў першым туры набраў больш за 13% галасоў і заняў 3-е месца, аднак у другі тур ужо не патрапіў. Сам палітык доўга думаў, каго ж яму падтрымаць — Качыньскага ці Камароўскага — аднак нічога так і не вырашыў.
Гжэгаж Наперальскі: “Мае выбарцы гэта адказныя і свядомыя людзі. Ім я і пакідаю выбар 4 ліпеня, ім я пакідаю гэтае рашэнне. Яны і самі дакладна ведаюць, якой Польшчы хочуць. Сёння я магу прасіць іх толькі аб адным, каб нашая супольнасць была грамадзянскай. Не важна, якое рашэнне яны прымуць. Але мы ўсе будзем грамадзянамі і 4 ліпеня сустрэнемся каля выбарчых урнаў і прагаласуем”.
А пакуль Гжэгаж Наперальскі прымаў гэтае рашэнне, польскія інтэрнэт-карыстальнікі змагаліся за яго падтрымку ў перадвыбарчай камп’ютарнай гульні — “Перацягні Гжэся”.
Правілы гульні вельмі простыя. Пасярэдзіне экрану стаіць Гжэгаж Наперальскі і трымае за рукі Яраслава Качыньскага і Браніслава Камароўскага. З іх трэба выбраць аднаго і хутка націскаць стрэлачкамі на клавіятуры ў яго бок. Каму ўдасца перацягнуць Наперальскага, той і выйграў. Праўда, варта адзначыць, што Браніславам Камароўскім гуляць чамусьці крыху лягчэй чым яго праціўнікам.
Фота: gazeta.pl, facebook.pl, se.pl