Палітуцякач Алесь Міхалевіч абараніў доктарскую дысертацыю
Навуковую ступень ён атрымаў 10 траўня ў Варшаве.
Тэмай ягонай дысертацыі стала “Партыі і палітычныя рухі ў посткамуністычнай трансфармацыі. Прыклад Беларусі і Украіны 1989 — 1996”. Пра свае адукацыйныя поспехі экс-кандыдат у прэзідэнты паведаміў ва ўласным блогу Livejournal.
“Аналізаваў практычна ўсе посткамуністычныя краіны, з асаблівай увагай на Беларусь і Украіну. Абарона доўжылася дзве гадзіны і адбывалася ў памяшканні Collegium Civitas, на 12 паверсе Палаца культуры і навукі ў Варшаве. За наданне мне вучонага звання доктара навук камісія прагаласавала адзінагалосна”, — напісаў Алесь Міхалевіч.
Палітык удзельнічаў у прэзідэнцкіх выбарах 2010 года і праходзіў па справе аб падзеях 19 снежня. Быў змешчаны ў СІЗА КДБ адкуль выйшаў пад падпіску аб нявыездзе. Публічна заявіў, што ў СІЗА яго катавалі, пасля гэтага таемна выехаў з Беларусі і атрымаў статус палітычнага ўцекача ў Чэхіі.