Паляк Ежы Бузэк можа стаць старшынём Еўрапарламента

Еўрапарламент рыхтуецца да абрання новага старшыні. Спікер парламента мінулага склікання Ганс-Герт Потэрынг павіншаваў польскага дэпутата Ежы Бузка з некаторым апярэджаннем, даўшы зразумець, што пытанне пра пераемніка практычна вырашанае.
Найбуйнейшыя палітычныя групы новаабранага парламента — правыя і сацыялісты — дамовіліся падзяліць пяцігадовы мандат старшыні паміж двума вылучэнцамі. Першым будзе Ежы Бузэк.

Кандыдатуру Бузка вынясуць на галасаванне 14 ліпеня. Калі яно пройдзе паспяхова, былы актывіст "Салідарнасці" зойме крэсла спікера Еўрапейскай асамблеі на 2,5 гады. Такім чынам будзе створаны прэцэдэнт: да Бузка Еўрапарламент ніколі не ўзначальваў прадстаўнік усходнееўрапейскай краіны, паведамляе Euronews.net.