Памежнікі: Звольненыя з працы людзі спрабуюць зарабляць кантрабандай

Апошнім часам актывізаваліся спробы беларусаў і замежнікаў вывезці буйныя партыі кантрабанды з Беларусі ў краіны Еўрасаюзу. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў кіраўнік прэс-службы Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Аляксандр Цішчанка. Цішчанка: “Як правіла, кантрабандай займаюцца жыхары памежжа. Яны спрабуюць выжываць у гэтай сітуацыі. Адбываецца скарачэнне рабочых месцаў, і гэта адбіваецца так, што людзі шукаюць спосабу зарабіць. Адны шукаюць працы, іншыя ідуць крымінальным шляхам”.

Гэтак, за два метры ад беларуска-ўкраінскай мяжы памежнікі знайшлі 120 бутэлек гарэлкі “Пшанічная”. У лесе пры мяжы супрацоўнікі Лідскага памежнага атраду знайшлі самагонны міні-заводзік і 800 л брагі пры ім.  Уладальнікі невядомыя. Праводзіцца разбіральніцтва.

Толькі за мінулы ўік-энд былі выкрытыя 10 спробаў буйной кантрабанды цыгарэтаў. Так, на гродзенскім участку мяжы, на пункце пропуску Прывалка ў схове, зробленым у бензабаку “Мерседэса”, памежнікі знайшлі 1144 пачкі расійскіх цыгарэтаў. Гэткім чынам грамадзянін Літвы спадзяваўся зарабіць на розніцы коштаў на тытунь у Беларусі і Еўрасаюзе.

А вось брэстчанін у сваім “Мерседэсе” спрабаваў правезці ў Польшчу 262 блокі цыгарэт. Памежнікі папярэджваюць, што робячы схованкі ў сваім транспарце, кантрабандысты могуць яго страціць.