Памяць ахвяраў бальшавізму ўшанавалі ў Курапатах і пад Чэрвенем

Дзве акцыі, падчас якіх была ўшанаваная памяць ахвяраў бальшавізму, адбыліся ўчора. У Чэрвеньскім раёне сабраліся каля 50 чалавек, у тым ліку і дэлегацыя з Літвы. 26 чэрвеня 1941 года супрацоўнікі НКВД расстралялі там калону палітзняволеных, беларусаў, палякаў, літоўцаў, габрэяў. Каля Крыжа Пакуты, усталяванага ва ўрочышчы Цагельня, на месцы трагедыі, адбыўся мітынг, за якім назіралі прадстаўнікі ўладаў, вяліся відэаздымкі.

Традыцыйная акцыя прайшла ўчора і ў Курапатах (прадстаўнікі грамадскасці яе праводзяць 29-га чысла кожнага месяца). У ёй удзельнічалі больш за 15 чалавек - сяброў маладзёжных арганізацый, прадпрымальнікаў, былых вязняў ГУЛАГу і сяброў секцыі "Мемарыял" Беларускага дабраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.

Яны ўсклалі кветкі і ўстанавілі лампады да мемарыяльных крыжоў і памятных знакаў. За акцыяй назіралі 7 супрацоўнікаў сілавых структур.

Як паведамляе БелаПАН, некалькі дзён таму ў Курапатах быў знішчаны інфармацыйны стэнд з мапай урочышча, на якой былі пазначаныя ўсе месцы масавых пахаванняў, устаноўленыя археолагамі за апошнія 20 гадоў пасля адкрыцця Курапатаў.