Памёр відэааператар інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Уладзімір Бабарыка

Смерць наступіла раніцай 3 студзеня ў 6-й бальніцы Мінска. Дакладная яе прычына пакуль невядомая. Паводле слоў сястры Таццяны, напярэдадні Уладзіміру выклікалі хуткую медыцынскую дапамогу, урач зрабіў кардыяграму, якая не паказала ніякіх адхіленняў у працы сэрца. "Але ў Валодзі быў застой у лёгкіх, яму цяжка было дыхаць", — паведаміла Таццяна.

Уладзімір Бабарыка быў высокапрафесійным тэлежурналістам і відэааператарам, адным з самых аўтарытэтных аператараў дакументальных фільмаў не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.

Выпускнік аддзялення журналістыкі БДУ (1986), ён звязаў сваё жыццё з самай перадавой галіной журналістыкі таго часу — тэлебачаннем і дакументальным кіно. Працаваў на кінастудыі "Беларусьфільм", у творчым аб'яднанні "Тэлефільм", літоўскай тэлестудыі "Аб'ектывас", у беларускім аддзяленні "Кінацэнтр" Саюза кінематаграфістаў СССР, у беларускім прадстаўніцтве інфармацыйнага агенцтва Рэйтэр. Здымаў спецыяльныя рэпартажы і навіновыя сюжэты для тэлекампаній НТВ, ТСН, ТВ 6, "Вести РТР", VISNEWS, NBC, BBC, CBS, SAT1, ZDF, SKYNews і іншых.

З 2008 года — відэааператар інфармацыйнай кампаніі БелаПАН. Аўтар дакументальнага цыкла "Герой не нашага часу", знятага рэдакцыяй мультымедыйных навінаў БелаПАН, больш як тысячы відэасюжэтаў пра падзеі ў Беларусі апошніх трох гадоў.

Быў у ліку першых лаўрэатаў прэміі імя Дзмітрыя Завадскага, заснаванай расійскім Першым каналам і Беларускай асацыяцыяй журналістаў "за прафесійную мужнасць і ўнёсак у абарону свабоды слова".


Еўрарадыё выказвае спачуванні сваякам Уладзіміра.