Парашэнка сказаў Лукашэнку, што спадзяецца прывезці ва Украіну мір (відэа)

Як вядома, у беларускай сталіцы сёння пройдзе саміт з удзелам прадстаўнікоў Мытнага саюза (Беларусі, Казахстана, Расіі), Украіны і ЕС. У Мінск прыляцелі прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка, вярхоўная прадстаўніца ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан, еўракамісар па гандлі Карэл дэ Гухт, еўракамісар па энергетыцы Гюнтэр Этынгер, прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў ды прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. Асноўная тэма саміта — сітуацыя ва Украіне.

На сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам Пятро Парашэнка адзначыў, што ён шчыра спадзяецца на станоўчы вынік саміта і што "ўдасца дасягнуць пагаднення, якое прынясе мір на землі Украіны". Украінскі прэзідэнт падкрэсліў, што "пытанне міра" будзе адным з асноўных падчас сённяшняй сустрэчы лідараў краін і прадстаўнікоў Еўрасаюза.

Парашэнка падзякаваў Лукашэнку за магчымасць сустрэцца ў Мінску: "Гэта будзе знакавая падзея для Украіны, і мне будзе вельмі прыемна, калі мы зможам дасягнуць такіх дамоўленасцяў з Беларуссю".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь зацікаўленая ў нармалізацыі сітуацыі ва Украіне (гл. відэа).

Фота — АР, Reuters, БЕЛТА