Парк Чалюскінцаў у Мінску абвешчаны зонай цвярозасці

Парк культуры і адпачынку імя Чалюскінцаў у Мінску абвешчаны зонай цвярозасці і непалення, паведамляе БЕЛТА.  Адміністрацыя забараніла распіваць і прадаваць у парку алкагольныя напоі ды піва, а таксама абвясціла гэтую тэрыторыю вольнай ад тытуню. Пра тое, што ў парку нельга піць і паліць, апавяшчаюць таблічкі. Наведвальнікі з адчыненай бутэлькай піва будуць разглядацца як парушальнікі грамадскага парадку. Першым часам да іх будуць ужывацца папераджальныя меры ў выглядзе прафілактычных гутарак.

Замест бутэлькі і цыгарэты работнікі парку Чалюскінцаў неўзабаве на цэнтральнай алеі пачнуць ладзіць заняткі па фізкультуры. Мяркуецца і прысутнасць медыка для тых, хто захоча пракансультавацца. Дадатковыя пляцоўкі ўладкуюць для дзяцей і спартоўцаў-аматараў. Запланавана таксама радыёфікаваць увесь парк.