Партыі камуністаў Беларускай больш не існуе

Мінюст перарэгістраваў Партыю камуністаў Беларускую. Цяпер яна афіцыйна называецца Беларуская партыя левых "Справядлівы свет".  Як паведаміў сакратар ЦК партыі Валерый Ухналёў сайту udf.by, 20 студзеня ён атрымлівае ў Міністэрстве юстыцыі пасведчанне аб рэгістрацыі і Статут партыі.

Нагадаем, рашэнне пра перайменаванне было прынятае 25 кастрычніка 2009 года на другім паседжанні XIV пазачарговага з'езду ПКБ. Першапачаткова партыю назвалі Беларускай партыяй аб'яднаных левых "Справядлівы свет". Аднак у канцы снежня мінулага года Мінюст адтэрмінаваў на месяц рэгістрацыю адпаведных змен і дадаткаў у Статут ПКБ.

Чыноўнікі выказалі прэтэнзіі да таго, што ў новай назве партыі ёсць слова "аб'яднаныя", хоць фармальна партыя ні з кім не аб'ядноўвалася. Другая прэтэнзія датычыла слова "камуністы" у партыйных дакументах. У Мінюсце палічылі, што пры новай назве партыі ў статуце гэта слова фігураваць не можа, бо партыя ўжо не з'яўляецца камуністычнай.

Кіраўніцтва партыі пагадзілася з заўвагамі Мінюсту, бо яны не мелі прынцыповага характару.