Партыя БХД 8 траўня абмяркоўвае фармат удзелу ў прэзідэнцкай кампаніі

8 траўня ў Мінску праходзіць пасяджэнне нацыянальнай рады аргкамітэта па стварэнні Партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" (БХД). Як паведаміў агенцтву БелаПАН адзін з сустаршыняў аргкамітэта па стварэнні БХД Павел Севярынец, на абмеркаванне нацыянальнай рады вынесена тры асноўных пытанні. Рада прааналізуе вынікі кампаніі па выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў. Удзельнікі пасяджэння абмяркуюць неабходнасць правядзення трэцяга ўстаноўчага з'езду БХД і фармат удзелу партыі ў прэзідэнцкай кампаніі.

Яшчэ адным пытаннем з'яўляецца правядзенне ўстаноўчага з'езду арганізацыі "Моладзь БХД". Плануецца, што гэты з'езд адбудзецца 22 траўня, сказаў Севярынец.