Партыя БНФ пойдзе на прэзідэнцкія выбары пад лозунгам "аўтарэферэндуму"

Цэнтравыбаркам Беларусі адмовіўся рэгістраваць ініцыятыўную групу па "аўтарэферэндуме". Арганізатары лічаць гэтае рашэнне палітычным.  Сябры ЦВК у сваім рашэнні спаслаліся на адмоўную выснову Генпракуратуры і Мінюсту. На іх думку, прапанаванае для рэферэндуму пытанне не мае выразнага і яснага характару, а адказы на яго могуць быць вытлумачаныя па-рознаму.

Нагадаем, што прапанаванае пытанне гучала так: "Ці падтрымліваеце вы захаванне памеру мытных пошлінаў на ўвоз у Рэспубліку Беларусь легкавых аўтамабіляў замежнай вытворчасці на ўзроўні 26 лістапада 2009 года?"

У каментары Еўрарадыё кіраўнік ініцыятыўнай групы, намеснік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў крытычна ацаніў адмову ЦВК:

Лялькоў: "Той пункт Выбарчага кодэксу, на які спаслаліся ў ЦВК, гаворыць, што пытанне павінна фармулявацца ясна, чотка, адназначна і прадугледжваць адназначны адказ. Мы лічым, што нашае пытанне менавіта такім чынам і сфармуляванае. І таму адмова на падставе менавіта гэтага пункта проста выссаная з пальца".

Ініцыятары мяркуюць абскардзіць адмову ў Вярхоўным судзе. У кожным разе, па словах Лялькова, "аўтарэферэндум" стане адным з пунктаў праграмы, з якой Партыя БНФ пойдзе на прэзідэнцкія выбары. Палітык мяркуе, што да выбараў пытанне аўтамабільных мытаў усё адно не будзе вырашанае канчаткова.