Партыя БНФ заклікае правесці міжнароднае расследаванне падзей 19 снежня
Партыя БНФ заклікае правесці міжнароднае расследаванне, у тым ліку судовае, падзей 19 снежня ў Мінску.
Адпаведнае патрабаванне ўтрымліваецца ў заяве, прынятай 15 студзеня на пасяджэнні сойма партыі, паведамляе БелаПАН.
Партыя БНФ заклікае таксама міжнародныя структуры да "арганізацыі палітычнага, дыпламатычнага і эканамічнага націску" на ўлады Беларусі з мэтай неадкладнага вызвалення палітзняволеных і спынення рэпрэсій.
Як адзначыў лідар партыі Аляксей Янукевіч, да беларускіх улад павінны быць прыменены, у прыватнасці, візавыя санкцыі. Паводле яго інфармацыі, ужо рыхтуецца адпаведны спіс, у які ўключана некалькі сотняў прозвішчаў — старшыняў выбарчых камісій, суддзяў, ідэалагічных работнікаў і кіраўнікоў ВНУ.
Сойм партыі таксама патрабуе неадкладнага вызвалення ўсіх затрыманых і арыштаваных па справе аб падзеях 19 снежня ў Мінску; спынення масавых вобыскаў, затрыманняў, крымінальнага і адміністрацыйнага пераследу грамадзян; прыцягнення да адказнасці асоб, вінаватых у правакацыях і масавым збіванні мірных грамадзян.