Пасажыраў не пускалі на станцыі метро "Каменная Горка" і "Малінаўка"
Каля 16-й гадзіны 19 лістапада быў часова зачынены другі вестыбюль станцыі мінскага метро "Каменная Горка" (выхады ў бок МКАД). Здарылася гэта пасля таго, як каля ўваходу ў падземны пераход да згаданай станцыі знайшлі пакінутую сумку. Як інфармуе БЕЛТА, у сумцы не знайшлі ніякіх падазроных прадметаў, там былі толькі асабістыя рэчы.
Станцыя "Каменная Горка" ўжо працуе ў штатным рэжыме, паведамляе прэс-служба Мінскага метрапалітэна ў Twitter.
Падобная сітуацыя была і на станцыі метро "Малінаўка", дзе таксама знайшлі пакінутую сумку. Быў перакрыты ўваход на станцыю з боку гіпермаркета ProStore, выклікалі сапёраў. Але нічога небяспечнага ў сумцы не знайшлі.
У метрапалітэне гэтыя факты расцэньваюць як збег абставінаў, а выклік выбухатэхнічнай групы пры выяўленні падазроных прадметаў — звычайная ў такіх выпадках практыка. Да прыезду сапёраў падазроны прадмет згодна з правіламі накрываецца лакалізатарам выбуху "Фантан", які маецца на кожнай станцыі мінскага метро, адзначае БелаПАН.
Фота: БЕЛТА