Пасажыры з Батумі дабяруцца да Мінска праз Кіеў, на аўтобусах

Пасажыры авіярэйса "Батумі-Мінск" дабяруцца да беларускай сталіцы са спазненнем на суткі, з Кіева. Як паведамляе "Интерфакс", грузіна-амерыканскай кампаніі SKY Georgia не ўдалося дасягнуць дамоўленасці з беларускім бокам на выкананне рэйса з Батумі ў Мінск, які мусіў адбыцца ў суботу.
"Беларускі бок катэгарычна адмовіўся прыняць наш авіялайнер да таго часу, пакуль не будзе аформленае адпаведнае пагадненне паміж Грузіяй і Беларуссю", — заявіў "Интерфаксу" старшыня назіральнага савета кампаніі SKY Georgia Георгій Кодуа. Па яго словах, кампанія "Белавія", якая з'яўляецца манапалістам на беларускім авіярынку, запрасіла астранамічную суму за дастаўку пасажыраў рэйса ў Мінск.

"Праблему дапамаглі вырашыць нашыя зкраінскія партнёры", — сказаў Кодуа. Ён адзначыў, што ў нядзелю ў 12.30 самалёт SKY Georgia з 125 пасажырамі на борце выляцеў з Батумі ў Кіеў, адкуль яны на аўтобусах будуць дастаўленыя ў Мінск.

Георгій Кодуа дапускае, што прычынай здарэння можа быць канкурэнцыя, паколькі палёты паміж Тбілісі і Мінскам у цяперашні час здзяйсняе беларуская "Белaвія" і грузінская "Айрзена". Таму, верагодна, беларускі бок не зацтікаўлены, "каб у накірунку Мінску лётала яшчэ адна грузінская авіякампанія".