Пасля кінафэсту "Лістапад" звольнілі галоўнага кінематаграфіста Беларусі

Дырэктар Дэпартамента па кінематаграфіі Міністэрства культуры Беларусі Максім Буданаў вызвалены ад займанай пасады і звольнены з Міністэрства культуры Беларусі. Аб прычынах адстаўкі галоўнага кінематаграфіста краіны нічога не паведамляецца. Вядома толькі, што звальненне Буданава адбылося па дамове бакоў. Рашэнне пра яго адстаўку прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі падпісаў адразу пасля завяршэння Мінскага міжнароднага кінафэсту "Лiстапад-2009".

Як паведамляе інтэрнэт-газета "Ежедневник", у міністэрстве не звязваюць адстаўку чыноўніка з вынікамі кінафэсту. Хутчэй, звальненне Буданава адбылося ў рамках абнаўлення кадраў Міністэрства культуры, якое цяпер праводзіць новы міністр Павел Латушка.

На сваёй пасадзе Буданаў нічым асаблівым сябе не выявіў і толькі ў 2009 годзе адзначыўся ініцыятывай бясплатнага вяртання Беларусі фільмаў, знятых кінастудыяй "Беларусьфільм" у савецкія часы. Праўда, з гэтай задумы нічога так і не выйшла.