Пасля разгону акцыі Раманчук гаварыў з Лукашэнкам пра эканоміку

Яраслаў Раманчук, экс-кандыдат у прэзідэнты, сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам. Пра гэта Раманчук паведаміў карэспандэнту Газеты.ru. Вось што распавёў Раманчук:

"Так, я сустрэўся з Лукашэнкам. Размова цягнулася каля дзесяці хвілін. Першае — я скарыстаўся выпадкам, каб абмеркаваць сітуацыю з арыштам кіраўніка АГП Анатоля Лябедзькі, ён жа — мая давераная асоба. Я патлумачыў, што Лябедзька не заклікаў да гвалтоўных дзеянняў на плошчы. Яго арыштавалі дома, і яму пагражала восем гадоў турмы па нашым заканадаўстве. Лукашэнка паабяцаў "паглядзець, разабрацца".

Другое: мы абмеркавалі маю эканамічную праграму, мае прапановы па эканамічнай палітыцы краіны, магчымасць маёй працы ва ўрадзе (такія прапановы з'яўляліся апошнім часам). Лукашэнка сказаў, што абдумае гэтае пытанне".

У інтэрв'ю "Нашай ніве" Раманчук распавёў, што сустрэча адбылася пасля прэс-канферэнцыі Лукашэнкі ў Палацы Рэспублікі. "Мы прыехалі і чакалі там. Потым падышоў супрацоўнік спецслужбаў і правёў мяне да Аляксандра Лукашэнкі...", — распавядае экс-кандыдат у прэзідэнты.