Пастка Пуціна: як Лукашэнка трапіў у сіло Крамля і з ім перасталі лічыцца

Сітуацыя патавая / Валерый Шарыфулін / ТАСС
Сітуацыя патавая / Валерый Шарыфулін / ТАСС

Расійскія войскі трывала атабарыліся ў Беларусі, і калі сыдуць — невядома. Як так атрымалася, што Лукашэнка прамаргаў "уварванне старэйшага брата"?

— Усё тое, што адбывалася, стварала падаплёку для трапляння ў вельмі няпростую для яго сітуацыю сённяшняга дня, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё прафесар-псіхолаг Уладзімір Янчук. — Для яго фармавалася ўяўленне, што ён самы разумны, самы адказны. Які рупіцца пра інтарэсы гэтай краіны і гэтак далей. І меркаванне іншых яго цікавіла, напэўна, не ў самую першую чаргу. Асяроддзе, якое падтаквае, стварыла ўмовы для ўзнікнення гэтай сітуацыі.

Усе тыя дзеянні, якія здзяйсняліся раней, прывялі да таго, што для крамлёўскіх іерархаў ён зразумелы і досыць відавочны. А калі ты відавочны, тады ў цябе ўзнікаюць праблемы. Тады з табой перастаюць лічыцца.

— Я шукаў адказ на пытанне пра працэсы [русіфікацыі Беларусі, трапляння ў залежнасць ад Расіі і інш. — Еўрарадыё], якія адбываліся ў нас пры назіранні суседа. Няўжо яны [беларускае кіраўніцтва. — Еўрарадыё] не бачаць перакосаў, маніпуляцый, сфер, якія хаваюцца? Высвятляецца, выдатна бачаць, — кажа Уладзімір Янчук. — Проста іх гэта задавальняе. Такая стратэгія прывяла да таго, што сённяшняе беларускае кіраўніцтва трапіла ў рукі і стала закладнікам сітуацыі.

І цяпер выруліць з яе, будучы павязаным на руках, будзе вельмі і вельмі няпроста. Але я спадзяюся, што кіраўніцтва ўсведамляе тую сітуацыю, у якую яно трапіла. І самае галоўнае, усведамляе адказнасць перад людзьмі, якія складаюць гэтую краіну. Краіна — гэта не прэзідэнт, а людзі, якія жывуць на гэтай тэрыторыі. І калі людзі адчуваюць такія складанасці, то хтосьці павінен адказваць і несці адказнасць.

Лукашэнка будзе несці адказнасць за тое, што цяпер адбываецца?

— Безумоўна, — упэўнены псіхолаг. — У цяперашняй сітуацыі хоць бы перад сабой.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.