Паўночная Карэя абвінаваціла ЗША ў адключэнні інтэрнэту

Паўночная Карэя чарговым разам абвінаваціла ЗША ў перабоях у працы і без гэтага слаба развітага інтэрнэту на тэрыторыі краіны ў апошнія дні.

У заяве Нацыянальнага камітэту па абароне КНДР улады параўналі дзеянні ЗША з гульнёй у хованкі, а прэзідэнта Барака Абаму назвалі “малпай у трапічным лесе”.

Паўночная Карэя абвінаваціла прэзідэнта ЗША ў тым, што менавіта ён стаіць за паказам камедыйнага фільма “Інтэрв’ю” з жорсткай сатырай на лідара КНДР Кім Чэн Ына ў амерыканскіх кінатэатрах.

Прадстаўнікі Белага дому раней адмовіліся каментаваць абвінавачанні ў магчымай спрычыненасці амерыканскіх уладаў да адключэння доступу ў інтэрнэт. У сваю чаргу ЗША абвінавачваюць КНДР у хакерскай атацы на Sony Pictures, якая выпусціла фільм “Інтэрв’ю” пра прыдуманую змову з мэтай забіць паўночнакарэйскага правадыра.

У выніку кібератакі былі выкрадзеныя вялікія масівы ўнутранай электроннай перапіскі супрацоўнікаў Sony.

Многія кінатэатры з ЗША адмовіліся паказваць фільм пасля пагрозаў хакераў паўтарыць 11 верасня, але затым усё ж вырашылі выпусціць карціну ў абмежаваны пракат, перадае ВВС.

У фільме расказваецца пра тое, як два амерыканскія журналісты дамагаюцца інтэрв’ю з Кім Чем Ынам. ЦРУ, даведаўшыся пра іх намер, звяртаецца да іх з заданнем забіць паўночнакарэйскага лідара.