Перамовы пра пастаўкі расійскай нафты ў Беларусь завершыліся безвынікова

Перамовы пра пастаўкі расійскай нафты ў Беларусь у 2010 годзе, якія адбыліся 9 студзеня ў Маскве, зноў завершыліся безвынікова. Беларуская дэлегацыя вяртаецца дамоў, паведамляе БелаПАН. Нагадаем, што на запрашэнне віцэ-прэм'ера РФ Ігара Сечына ў сталіцу Расіі прыбыла дэлегацыя на чале з першым намеснікам прэм'ер-міністра Беларусі Ўладзімірам Сямашкам. Свае аргументы беларускі бок прадставіў на аснове прававой базы двухбаковых адносін, падмацаваўшы разлікамі, раней узгодненымі экспертамі. Аднак перагаворшчыкі з боку Расіі не прынялі гэта да ўвагі, заявіла прэс-служба беларускага ўрада.

У выніку ўдзельнікі пісьмова выказалі свае пазіцыі і завяршылі перамовы, заявіўшы пра гатовасць іх працягнуць.

Раней неназваны эксперт у нафтавай сферы заявіў РІА "Новости", што Беларусь можа пазбавіцца прапанаваных ільготаў, калі будзе зацягваць перамовы. Па яго словах, Расія прапануе паставіць у Беларусь бязмытна 6,3 млн тон нафты для ўнутранага спажывання. Мінск настойвае на бязмытнай пастаўцы ўсяго аб'ёму нафты, якая перапрацоўваецца на беларускіх НПЗ.

Як паведаміў эксперт, Беларусь просіць павялічыць бязмытныя пастаўкі нафты да 30 млн тон і абяцае ў іншым выпадку павялічыць мыты на транзіт расійскай нафты да 45 долараў за тону (цяпер 3,9 долара).

Па словах расійскага эксперта, Расія выказала намер надалей субсідаваць эканоміку Беларусі ў памеры 6,3 млн тон нафты, што пры стаўцы 267 долараў прыносіць Мінску выгаду ў памеры 1,8 млрд долараў у год. За апошнія тры гады расійскі бюджэт такім чынам субсідаваў эканоміку Беларусі прыкладна на 10 млрд долараў, адзначыў эксперт.