Ператрусы ў прадстаўнікоў дэмакратычных сіл учора працягваліся

Як паведаміў БелаПАН адзін з лідараў прадпрымальніцкага руху Алесь Макаеў, учора ўвечары супрацоўнікі КДБ правялі вобыск ў яго кватэры. Прадстаўнікі ўпраўлення КДБ па Мінску і Мінскай вобласці канфіскавалі ў яго сістэмны блок камп'ютара. Макаеву прапанавалі з'явіцца 5 студзеня ва упраўленне КДБ на допыт.

Нагадаем, Макаеў учора быў вызвалены з жодзінскай турмы, дзе адбываў 15 сутак арышту за ўдзел у акцыі ў Мінску 19 снежня 2010 года.

Учора таксама прайшоў ператрус ў кватэры маладзёжнага актывіста Андрэя Прасняка. Яго ў гэты час дома не было, у кватэры знаходзіліся бацькі маладога чалавека. Супрацоўнікі КДБ канфіскавалі ноўтбук, 26 кампакт-дыскаў і 140 значкаў "Бой падушкамі". Бацькам пакінулі копію пратакола.

Супрацоўнікі КДБ правялі вобыск і ў кватэры дэмакратычнага актывіста Аляксандра Пяткевіча. У яго канфіскаваны камп'ютар і носьбіты інфармацыі. На заўтра яго таксама выклікаюць на допыт у КДБ.