Першае выбуховае прыстасаванне ў 22.30 міліцыянты "паклалі ў бяспечнае месца"

Першы намеснік міністра ўнутраных спраў, генерал Аляксандр Шчурко пацвердзіў у інтэрв'ю газеце "Комсомольская правда в Беларуси", што першае выбуховае прыстасаванне на канцэрце ў Мінску 4 ліпеня было знойдзена ў 22.30 "грамадзянамі", якія перадалі "двухлітровую ўпакоўку з-пад соку" супрацоўнікам міліцыі.  Праваахоўнікі ж, сведчыць Шчурко, выбухоўку "паклалі ў бяспечнае месца". Яны не падумалі, што "гэта штосьці сур'ёзнае". Пазней гэты пакет з выбуховым прыстасаваннем быў "нейтралізаваны". Канцэрт не быў адменены. А праз дзве гадзіны выбухнула другая бомба.

Паводле словаў генерала Шчурко, другі пакет з выбухоўкай быў у два разы меншы за першы. Што да інфармацыі пра трэцяе знойдзенае выбуховае прыстасаванне, ужо пасля выбуху, дык першы намеснік міністра ўнутраных спраў яе не пацвердзіў.