Першы кіроўца трапіў за краты паводле новага Адміністрацыйнага кодэксу

Пяць сутак арышту — такое пакаранне прызначыў днямі суд Мядзельскага раёна мясцоваму жыхару Алегу Баслыку за кіраванне аўтамабілем у нецвярозым стане. Калі яго спынілі для праверкі дакументаў, у крыві кіроўцы, як паказаў прыбор, знаходзілася каля 1 праміле алкаголю (100-150 грамаў гарэлкі).

Па сведчанні інспектара ДАІ, які спыніў машыну, мужчына не буяніў і не спрачаўся, адразу пагадзіўшыся з паказаннямі прыбора.

Чым кіраваўся старшыня Мядзельскага суда Ігар Малевіч, выносячы такое рашэнне, высветліць не ўдалося — даваць каментар па тэлефоне ён адмовіўся. Але на думку самога затрыманага, які да гэтага часу інспектарам ДАІ ні разу не трапляўся, ён яшчэ лёгка абышоўся.

Згодна з артыкуламі ўведзенага з 1 сакавіка новага Адміністрацыйнага кодэксу, грашовы штраф за парушэнне такога кшталту вагаецца ад 465 тысяч рублёў да 1 мільёна.

Плюс пазбаўленне пасведчання кіроўцы тэрмінам на 3 гады. Для мужчыны, які нідзе не працуе, гэта стала б непад’ёмнай сумай.

Пакаранне ў выглядзе арышту за пэўныя парушэнні правілаў дарожнага руху раней не прымянялі, былы Адміністрацыйны кодэкс такога не прадугледжваў. І суткі замест грошай парушальніку прысудзілі ўпершыню.

Па словах начальніка Мядзельскай дзяржаўтаінспекцыі Андрэя Чарняўскага, за 20 дзён сакавіка ДАІшнікі затрымалі 11 нецвярозых кіроўцаў. Гэта амаль удвая менш, чым за аналагічны перыяд мінулага году.

Але сцвярджаць, што таму паспрыялі больш жорсткія меры пакарання, ён пакуль не бярэцца. Магчыма, кажа ён, аматары выпіць і сесці за руль сталі больш асцярожнымі.

І таго, што ў будучым парушальнікі самі пачнуць прасіць суддзяў замяніць штраф арыштам, ён не выключае.


Фота — caricatura.ru