Пінскія міліцыянеры больш не чапаюць гандляроў-нелегалаў

Аб гэтым “Комсомольской правде в Белоруссии” паведаміў адзін з удзельнікаў падзей – Якаў Гаўрыловіч. Ён ў прысутнасці міліцыянтаў абурыўся іх дзеяннямі, за што і быў спачатку затрыманы, а затым асуджаны да штрафу ў 2 мільёны рублёў за супрацьдзеянне міліцыянтам. Гаўрыловіч гаворыць, што праз некалькі дзён хацеў знайсці ахвяраў “зачысткі”, аднак на іх месцы зараз гандлююць іншыя людзі. Міліцыя да іх прэтэнзій больш не мае.

Нагадаем, што відэазапіс затрымання выклікаў шырокі розгалас у беларускіх СМІ. Пасля жорсткага затрымання на мужчыну 1957 года нараджэння быў складзены пратакол за ўмяшальніцтва ў вырашэнне справы аб адміністрацыйным правапарушэнні. Ён быў асуджаны 9 ліпеня, атрымаў 2 мільёны штрафа.

А 16 ліпеня начальнік УУС Брэсцкага аблвыканкам Іван Саўчыц праз мясцовую прэсу папрасіў прабачэння ў затрыманых пенсіянераў: “Сапраўды, у Пінску адбыўся інцыдэнт. Ужо зроблены вельмі сур’ёзныя высновы, з усімі начальнікамі райаддзелаў была праведзена селектарная нарада па гэтым пытанні. Я прыношу прабачэнні за непрафесійныя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі. Ацэнку правамернасці іх дзеянняў дасць Следчы камітэт РБ, у сваю чаргу мы праводзім службовую праверку. Вядома, факт адміністрацыйнага правапарушэння грамадзянамі меў месца і складзеныя пратаколы былі следствам гэтага парушэння закона, але далейшыя дзеянні міліцыянтаў былі непрафесійнымі”.