Пісьменнік Альгерд Бахарэвіч адраджае гурт "Правакацыя", каб вярнуць дух 90-х
Пісьменнік Альгерд Бахарэвіч вырашыў адрадзіць панк-гурт "Правакацыя", фронтмэнам і аўтарам тэкстаў якога ён з'яўляўся, для адзінага канцэрта. Як анансуецца, 4 лістапада ў мінскім клубе “Графіці” "выступяць палыселыя і пасівелыя, але ўсё яшчэ поўныя сілаў класікі беларускага панку і гаражнага року".
Панк-гурт "Правакацыя" праіснаваў з 93-га па 2001 год, паспеў адыграць каля паўсотні канцэртаў у Беларусі і запісаць адзіны альбом "Звычайная раніца". Свой стыль музыкі называюць "правакатыўным рокам".
"Заснавальнік гурта, аўтар тэкстаў, вакаліст і нязменны фронтмэн "Правакацыі" — пісьменнік Альгерд Бахарэвіч. 4 лістапада ў “Графіці” ён выйдзе на сцэну ў паўзабытай ужо іпастасі "правакатара" і паспрабуе разам з музыкамі хаця б на адзін вечар вярнуць вольны, скандальны і злосны дух 90-х. 4 лістапада на сцэне “Графіці” прагучаць хіты 90-х (“Шэф у гістэрыцы”, “Квітней, мая Быдляндыя” і іншыя), каверы на The Stooges і зусім новыя песні", — паведамляе афіша канцэрта ў Фэйсбуку.
Пачатак у 19.00. Кошт білета — 5 рублёў.