Помнік Караткевічу ў Віцебску не адрамантавалі нават у гонар юбілею класіка

Напярэдадні 80-годдзя Ўладзіміра Караткевіча прадстаўнікі віцебскіх ўладаў і сябры афіцыйнага саюзу пісьменнікаў усклалі кветкі да помніка аўтару “Каласоў пад сярпом тваім”. Зрэшты, на тое, што помнік даўно вымагае рэстаўрацыі, чыноўнікі зноў не звярнулі ўвагі. Помнік Уладзіміру Караткевічу стаіць недалёка ад плошчы Леніна, побач месціцца музей партызанскага камандзіра Міная Шмырова. Якраз перад 3 ліпеня тэрыторыю вакол музею добраўпарадкавалі і нават зрабілі вулічную экспазіцыю — збудавалі некалькі бліндажоў і расставілі вайсковую тэхніку.

У той частцы паркавага масіву, якая цяпер завецца Парк партызанскай славы і на тэрыторыі якой апынуўся помнік пісьменніку, улетку паклалі плітку і зрабілі клумбы. А вось да помніка Караткевічу справа так і не дайшла, хаця яшчэ летась грамадскасць горада звяртала ўвагу ўладаў на тое, што жалезныя дэталі канструкцыі дэфармаваліся, і што паступова псуецца і сама скульптурная выява, і гранітны пастамент, паведамляе Радыё Свабода.