Помнік княгіні Вользе могуць паставіць на даху Віцебскага аблвыканкаму

У Віцебску пачалося грамадскае абмеркаванне эскізаў помніка заснавальніцы гораду роўнаапостальнай княгіні Вользе. Як інфармуе БЕЛТА, у Музычнай гасцёўні абласнога цэнтра прадстаўлена 16 праектаў беларускіх скульптараў і архітэктараў з Віцебску, Полацку, Мінска. Княгіня паказаная то ў выглядзе маладой сціпла апранутай дзяўчыны, то ўжо сталай валадаркі ў багатым строі. Вялікая частка эскізаў выкананая даволіі аднастайна: стоячы на пастаменце, Вольга трымае ў руцэ крыж, храм або шчыт з малюнкам герба Віцебску. Каля яе ног — скрутак з часткай летапіснага падання пра заснаванне гораду. Цікавей на гэтым фоне глядзяцца праекты, прысвечаныя прыбыццю Вольгі ў будучы горад. На іх святая знаходзіцца на старажытнай ладдзі.

Самымі верагоднымі месцамі для помніка называюцца плошча Свабоды з боку Летняга амфітэатра, месца зліцця Віцьбы і Дзвіны, а таксама правы і левы берагі Дзвіны з боку плошчы Тысячагоддзя і Саляных складоў.

Сярод усіх праектаў вылучаецца прапанова з рэканструкцыяй вежы Віцебскага аблвыканкама. Аўтары маюць намер перабудаваць яе ў вежу з чатырма шклянымі ліфтавымі шахтамі і агляднымі пляцоўкамі. Вянчаць гэты будынак будзе постаць заснавальніцы горада з неадпаведна вялікім яе росту крыжом.

Прафесійную ацэнку прадстаўленым працам дасць кампетэнтнае журы, у склад якога ўвойдуць прафесійныя скульптары, архітэктары і мастацтвазнаўцы. Першыя вынікі будуць вядомыя ў пачатку лістапада.