Працяг працэсу Брэуса і Гапонава - 1 сакавіка (фота)

22 лютага ў Мінску за ўдзел у акцыі 19 снежня судзяць двух грамадзянаў Расіі — Івана Гапонава і Арцёма Брэўса.

Як і разгляд справы Васіля Парфянкова, працэс Брэўса — Гапонава праходзіць з адноснай адкрытасцю. Паназіраць за працэсам у суд Маскоўскага раёна пусцілі праваабаронцаў, прадстаўніка расійскай амбасады і безліч журналістаў, расійскіх і беларускіх. Праўда, усіх фотакарэспандэнтаў з залы выдалілі а пачатку на 11-ю, ледзь толькі туды ўвайшла суддзя.

Сярод прадстаўнікоў прэсы — журналіст Еўрарадыё Зміцер Лукашук. Паводле яго звестак, зала, у якой праходзіць паседжанне, крыху большая за тую, у якой судзілі Парфянкова. Апроч суддзі, падазраваных і аховы, там знаходзяцца 52 чалавекі.

Ад моманту, калі ў залу зайшла суддзя Сямахіна, былі забароненыя фота- і відэаздымкі. Нягледзячы на гэтую прадсказальную забарону, на суд прыехалі прадстаўнікі асноўных расійскіх тэлеканалаў.

За некалькі хвілінаў да пачатку суда праваабаронца Валянцін Стэфановіч выказаў у эфіры Еўрарадыё спадзеў на тое, што яно будзе справядлівым.

Суд пачаўся з апытання Гапонава і Брэўса. Яны засведчылі, што не былі знаёмыя адзін з адным. Апытаннем кіруе дзяржаўны абвінаваўца — старэйшы памочнік пракурора Маскоўскага раёна Мінска Сяргей Кунас. Ён заявіў, што Брэус і Гапонаў 19 снежня прарывалі ачапленне і білі нагамі міліцыянтаў.

Нагадаем, менавіта Сяргей Кунас быў абвінаваўцам па справе Сяргея Парсюкевіча — былога міліцыянта і прадпрымальніка, які ў 2008 годзе "атрымаў" 2,5 гады зняволення за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу супраць прэзідэнцкага дэкрэта №760. Шмат хто называў гэты прысуд палітычна матываваным.

Таксама расіян вінавацяць таксама ва ўзброеным супраціве АМАПаўцам з выкарыстаннем адмысловых прыладаў.

Гапонаў кажа, што не бачыў, хто б’е шкло, не ведае палітыкаў, якія кіравалі мітынгам з трыбуны. Кажа, што людзі не аказвалі спецназу ніякага супраціву. Адказваючы на пытанне абвінаваўцы, Гапонаў пацвердзіў: "Так, я выкрыкваў "Жыве Беларусь!"

 

Прыкладна ў 10:40 пракурор скончыў допыт Івана Гапонава. Цяпер з ім раўмаўляе адвакат. Гапонаў заявіў, што не бачыў у прысутных на плошчы людзей у руках нейкіх прадметаў, а таксама не бачыў, хто б’е шкло, толькі чуў гук пабітага шкла, паведамляе "Наша ніва".

10:45. Дапытваюць Арцёма Брэўса. Ён кажа, што на Кастрычніцкую плошчу прыйшоў выпадкова. Далучыўся да натоўпу, крычаў "Жыве Беларусь!". А як пачуў, што б'ецца шкло, падышоў бліжэй, каб паглядзець, што адбываецца, піша "Радыё "Свабода".

Далей Брэўс распавёў, што бачыў, як АМАП збіваў людзей і не дазваляў ім разыйсціся. Як ён асабіста двойчы атрымаў дубінкай ад спецназаўцаў і страціў прытомнасць. Падчас гутаркі з адвакатам Брэўс паведаміў пра дэталі ўтрымання ў следчым ізалятары на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Па словах падсуднага, следчыя пагражалі яму фізічнай расправай, калі ён не прызнаецца ў змове з лідарамі беларускай апазіцыі і ў тым, што атрымаў ад іх грошы за ўдзел у акцыі 19 снежня.

11:20. У судзе абвешчаны перапынак у сувязі з тым, што ў залі адсутнічаюць сведкі, неабходныя да працягу разбіральніцтва.

11:40. Пасяджэнне адноўленае. Пачаўся допыт сведкі — міліцыянта Дударчыка.

Дударчык паведаміў, што дэманстранты нападалі на спецназаўцаў, выхоплівалі ў іх дубінкі і потым збівалі імі міліцыянтаў. Таксама кажа, што асобы, якія штурмавалі Дом урада, дзейнічалі няўзгоднена. Бутэлек і арматуры ён не бачыў, — паведамляе "Наша ніва". — Сведка апазнаў Брэуса і Гапонава і нават назваў іх прозвішчы.Дударчык кажа, што бачыў, як Брэус біў спецназаўцаў па шчытах (кажа пра два ўдары). Таксама падкрэслівае, што памятае Гапонава — маўляў, той біў па шчытах спецназаўцаў. Бандарчык нават здолеў узгадаць, што было апранутае на падсудных. Таксама міліцыянт зазначае, што бачыў Брэуса і Гапонава на відэа і можа іх апазнаць.

12.15 Дударчык кажа, што Гапонаў кідаў вуду ў міліцыянтаў, піша "Радыё "Свабода".

Суддзя распытвае міліцыянта, дзе і калі ён знаходзіўся. Дударчык блытаецца і не можа назваць канкрэтны час, паведамляе "Наша ніва". Розніца ў паказаннях дасягае 30 хвілінаў. Напрыклад, кажа, што да 22-й гадзіны 19 снежня быў на Кастрычніцкай. Aле раней, падчас следства казаў, што ў 21:30 быў на плошчы Незалежнасці.

12:45. Наступным сведкам выступае баец АМАПу Якаўлеў. Адвакат папрасіла сведку апазнаць абвінавачаных, ён назваў прозвішчы. Калі адвакат папрасіла спецназаўца паказаць, хто з іх хто, Якаўлеў упэўнена пераблытаў абвінавачаных, працягвае "Наша ніва". У зале пачалі смяяцца.

13:10. Сведка працягвае блытацца. Суддзя нагадала спецназаўцу Якаўлеву пра крымінальную адказнасць за хлуслівыя паказанні.

13:35. Допыт сведкаў скончаны. У судзе абвешчаны перапынак да 14:35.

14.48. Працэс аднавіўся.

15:04. Суддзя зачытала пратаколы ператрусаў, якія адбыліся ў Гапонава і Брэуса дома пасля іх затрымання.

Паводле пратаколаў, супрацоўнікі спецслужбаў па месцы жыхарства падазраваных нічога не знайшлі і нічога не канфіскоўвалі.

15:07. Характарыстыкі на Гапонава і Брэуса станоўчыя. Раней не прыцягваліся нават да адміністрацыйнай адказнасці, не стаяць на ўліку ў міліцыі і псіханеўралагічным дыспансеры. Псіхалагічныя характарыстыкі таксама станоўчыя.

15:17. Суддзя пачынае глядзець відэазапіс з Плошчы. Глядзіць па вялікім тэлевізары «Гарызонт». Абодва сведкі міліцыянеры сядзяць побач з зале - ім прынеслі адмысловыя мяккія фатэлі.

Відэа ідзе без гуку. Магчыма, дзеля таго каб пазбегнуць казусу, як у выпадку з Парфянковым, калі было чутно, як супрацоўнікі спецслужбаў крычалі «Свае, свае!».

15:28. Суддзя пазнала Брэуса на відэа. Паказала яму гэтыя кадры - ён пацвердзіў, што гэта можа быць ён. На відэа бачна, што Брэуса штурхаюць іншыя ўдзельнікі акцыі.

Гапонаў таксама сябе пазнаў. На відэа ён стаіць. Наперад не рухаецца, яго таксама штурхаюць ззаду мітынгоўцы. На відэа шмат людзей і твараў. Разабраць, што там адбываецца, складана.

На відэа таксама бачна, што Гапонаў бароніцца ад спецназа, засланяецца выцягнутай наперад рукой. Кадраў, дзе было б бачна, як грамадзяне Расеі б'юць супрацоўнікаў спецназа, няма., — паведамляе "Наша ніва".

16:14. Скончылі глядзець відэа.

16:24. Суддзя пытаецца ў Брэуса, як ён ацэньвае падзеі 19 снежня. Той адказвае, што нічога такога раней не бачыў, ведаў, што не збіраецца парушаць закон, a само знаходжанне на Плошчы Незалежнасці ён не лічыў яго парушэннем.

16:27. Суддзя пытае ў Гапонава, чаму ён быў на Плошчы. Іван адказвае тое ж, што і Брэус. Кажа, што яму проста была цікава.

16.29. Брэус у размове з адвакатам заявіў, што спроба «штурму» Дома Ўрада доўжылася некалькі хвілін, а потым ужо ніхто не спрабаваў яе аднавіць. Сам Бэус быў заняты сваёй траўмай, калі пачаўся разгон, яго затрымалі і зацягнулі ў аўтазак.

16.31. Суддзя апытвае Гапонава, да яго пытанняў менш, бо на відэа Іван амаль не фігураваў.

16:32. Пракурор папрасіў 7 дзён перапынку, каб скарэктаваць абвінавачанне. Маўлўя, зьявіліся дадатковыя акалічнасці. (Грамадзянскі пазоўшчык адмовіўся ад пазову ў 14 млн рублёў пасля таго, як суддзя прадэманстравала квітанцыі аб аплаце грамадзянамі тыхз самых 14 млн рублёў.)

Працяг працэсу - 1 сакавіка.

Фота: Еўрарадыё, "Наша Ніва".