Прадстаўніца АБСЕ пахваліла Беларусь за адсустнасць "чорнага спісу" сайтаў

Адсутнасць рэгістрацыі для інтэрнэт-СМІ і тое, што “чорны спіс інтэрнэт-сайтаў, непажаданых для наведвання”, пакуль не складзены, пазітыўна характарызуе беларускі сегмент інтэрнэту. Але пажадана, каб свабоду слова ў інтэрнэце Беларусь не спрабавала абмежаваць і надалей. Пра гэта заявіла прадстаўніца АБСЕ па пытаннях свабоды слова Дунья Міятавіч. Міятавіч: "Я разлічваю і спадзяюся на тое, што заканадаўства ў гэтай галіне будзе пэўным чынам змененае. З тым, каб было магчыма спрасціць той сур’ёзны і ўскладняючы эфект, які сёння гэта заканадаўства мае ў адносінах да правоў самавыяўлення грамадзян у рэжыме онлайн. Асабліва напярэдадні выбараў прэзідэнта Беларусі, прызначаных на 19 снежня".

На думку Дуньі Міятавіч, якую яна выказала падчас круглага стала “Беларускі сегмент сеткі інтэрнэт: праблемы і перспектывы развіцця”, абмежаванне інтэрнэту падобнае да спальвання кніг. Круглы стол з удзелам чыноўнікаў Мінінфармацыі, Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры прэзідэнце, правайдэраў, прадстаўнікоў інтэрнэт-СМІ, Беларускай асацыяцыі журналістаў, АБСЕ ды іншых зацікаўленых праходзіць зараз у Мінску.