Прадстаўнікі дэмсілаў патрабуюць караць сілавікоў за гвалт і запалохванне

Казулін, Шушкевіч, Статкевіч, Саннікаў і Баршчэўскі выступілі з патрабаваннем пакараць тых супрацоўнікаў сілавых ведамстваў, якія выкарыстоўваюць метады запалохвання і гвалт у дачыненні да палітычных апанентаў улады, праваабаронцаў. Нас хвалюе расследаванне справаў зніклых Захаранкі, Завадскага, Ганчара і Красоўскага, адзначаецца ў агульнай заяве палітыкаў.

Таксама лідэры дэмакратычных сілаў патрабуюць спыніць далейшы пераслед іншадумцаў. У пераліку патрабаванняў  — адмена дадатковага пакарання для Максіма Дашука, вызваленне Мікалая Аўтуховіча і ягоных калег, камісаванне з войска "палітычных прызыўнікоў", адмену "чорных спісаў" і палітычнай дыскрымінацыі пры паступленні ва ўніверсітэты і уладкаванні на працу.

Таксама вылучаецца патрабаванне спыніць антыкультурніцкія дзеянні па метадычным знішчэнні беларускай высокай культуры.

"Адсутнасць канкрэтных і аператыўных крокаў будзе сведчыць пра недэмакратычны і нелегітымны характар рэжыму. І мы не пакінем сваіх намаганняў, каб звергнуць такую ўладу канстытуцыйным чынам. Мы перакананы, што рэжым Лукашэнкі ніколі не зможа выступіць гарантам незалежнасці краіны і дэмакратычных пераўтварэнняў у ёй", — гаворыцца ў дакуменце.