Прадстаўнікі ЕС заклікалі Мінск выконваць умовы развіцця дыялогу

Прадстаўнікі еўраструктур заклікалі беларускія ўлады прыслухацца да рэкамендацый аб выкананні палітычных умоў, у прыватнасці, уключэнні ў дыялог прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і апазіцыі. Заклік быў агучаны 4 сакавіка ў Бруселі падчас дыскусіі на тэму "Праз шэсць месяцаў: якія поспехі і праблемы чакаюць адносіны Беларусі і Еўрасаюза", арганізаванай фракцыямі Партыі еўрапейскіх сацыялістаў і Еўрапейскай народнай партыі ў Еўрапарламенце.
Як паведаміў БелаПАН удзельнік дыскусіі, палітолаг Віталь Сіліцкі, на думку прадстаўнікоў ЕС, гэтыя крокі неабходныя Мінску, каб, у прыватнасці, пазбегнуць аднаўлення візавых санкцый у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў.

Паводле слоў Сіліцкага, намеснік кіраўніка Генеральнага дырэктарата па знешніх сувязях Еўракамісіі Х`юга Мінгарэлі заявіў аб гатоўнасці развіваць дыялог з Беларуссю. Пры гэтым чыноўнік падкрэсліў важнасць выканання Мінскам палітычных умоў ЕС.

Разам з тым пасол Беларусі ў Бельгіі Уладзімір Сянько заявіў аб немагчымасці ўмоваў у дыялогу паміж Мінскам і Бруселем. Ён таксама адмаўляў магчымасць уключэння ў гэты дыялог прадстаўнікоў апазіцыі. Прадстаўнікі еўраструктур нагадалі беларускаму дыпламату, што адна з платформ палітыкі "Усходняга партнёрства" ўключае супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасцю краін-удзельніц. Калі Беларусь далучыцца да гэтай палітыкі, ёй гэтага не пазбегнуць.

Удзельнікі дыскусіі ад беларускай экспертнай супольнасці заклікалі прадстаўнікоў ЕС прадоўжыць выпрабавальны тэрмін для афіцыйнага Мінска, прыпыніўшы дзеянне візавых санкцый яшчэ на паўгода. На думку экспертаў, аднаўленне санкцый негатыўна адаб`ецца на адносінах Беларусі і ЕС.